26 красавіка 1986 года сталася вялікая бяда – аварыя на Чарнобыльскай АЭС. Прайшлі гады, але ж адбітак яе не пакідае нашу зямлю. Радыяцыя – няўлоўнае покрыва, якое забрудзiла сэрцы і душы людзей.
Вучні 6 і 10 класаў СШ № 13 г. Гомеля імя П.Х. Басянкова не засталіся абыякавымі да гэтай трагедыі і правялі круглы стол «Віна ці бяда?»
– Чарнобыльская катастрофа і сёння не перастае апякаць нашы сэрцы, яна вярэдзіць памяць успамінамі пра бяду, што раптоўна абрынулася на славянскія землі і на ўсю планету, – звярнулася да рабят вядучая мерапрыемства, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Пратасенка Ала Уладзіміраўна.
Дзесяцікласнікі выступілі ў якасці экспертаў. Так, напрыклад, эксперт-эколаг расказаў пра забруджванне рэгіёнаў Гомельскай вобласці і паказаў іх на картасхеме. Эксперт-псіхолаг прааналізаваў сачыненні вучняў, якія захварэлі пасля аварыі. Літаратар распавяла пра творы беларускіх пісьменнікаў на экалагічную тэму, сярод якіх паэмы «Чорная быль» Сяргея Законнікава, «Зона» Сяргея Давідовіча, «Одзіум» Янкі Сіракова і іншыя. Вучні 6 класа чыталі вершы Міколы Мятліцкага, Ніла Гілевіча, Рыгора Барадуліна, якія адлюстроўваюць тэмы страчанай зямлі, загубленага маленства, выгнання з роднага кутка і трывожнага роздуму пра будучыню.
Да вучняў звярнуўся і настаўнік гісторыі Лопіч Сяргей Мікалаевіч. Ён расказаў пра тое, што на ліквідацыю наступстваў катастрофы пайшло 32 гадавыя бюджэты краіны! Згадаў пра меры ліквідацыі аварыі, бясплатнае харчаванне, пуцёўкі ў санаторыі для дзяцей, якія жывуць у, так званай, чарнобыльскай зоне.
Дзяўчынкі з 8 класа паказалі свой творчы падыход і падрыхтавалі меланхалічны танец у памяць аб загінуўшых пажарнікаў-ліквідатараў.
На дадзены момант падзеі аб гэтай катастрофе адыходзяць усё далей у мінулае. Але забываць аб тым, чым можа абярнуцца адна памылка для ўсяго свету, забываць не варта!
фота аўтара
Дзякуй за беларускую мову. У Мінску мы ніколі не размаўлялі на тэму ЧАЭС пасля шостага класа, але для Гомеля – гэта іншая трагедыя. Усё яшчэ жыхары лічацца пацярпелымі ад радыяцыі.
Дзякуй за матэрыял ❤️