У гэты чацвер распачалася падпіска на новую кнігу вершаў Рыгора Барадуліна “У неба пехатою”. Складальнікам кнігі стаў журналіст, літаратуразнаўца і сябар Народнага паэта Сяргей Шапран. “У неба пехатою” – так называецца адзін з апошніх вершаў Барадуліна, які паэт напісаў за тры месяцы да смерці. У зборніку ж будуць вершы за апошнія тры гады.
Замова кнігі – праз Блог Глеба Лабадзенкі. Выйдзе зборнік 10 красавіка – у дзень саракавін па дзядзьку Рыгору. Калі вы жывеце ў Мінску, атрымаць замову можна асабіста, у іншых гарадах Беларусі – праз пошту.
З дастаўкай па Беларусі кошт складзе 95 тысяч. Пры атрыманні асабіста — каля 70 тысяч, распавеў Глеб Лабадзенка.
Акрамя апошніх вершаў Рыгора Барадуліна, у зборніку вы знойдзеце апошнія здымкі і рукапісы паэта, а таксама інтэрв’ю, якое дзядзька Рыгор даў Шапрану незадоўга да сваей смерці.
![Старонка з кнігі](http://www.websmi.by/wp-content/uploads/2014/03/bar3-1024x712.jpg)
Глеб Лабадзенка паведаміў, што замоўлена ўжо каля сотні экзэмпляраў.
Нагадваем, што Рыгор Барадулін памер 2 сакавіка ва ўзросце 79 гадоў.
Пахавалі Народнага паэта на малой радзіме — ва Ушачах. Фота з сайта labadzenka.by